Revision 1189904 of "Беларуская цэнтральная рада" on bewiki

'''Беларуская цэнтральная рада''' (БЦР) — дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў [[Генеральная акруга Беларусь|Генеральнай акрузе «Беларусь»]], з ліпеня 1944 г. — галоўнае прадстаўніцтва беларускага народа.

== Нямецкая акупацыя ==
Беларуская цэнтральная рада была створана ў снежні [[1943]] з [[Беларуская рада даверу|Беларускай рады даверу]] пры [[Генеральны камісарыят Беларусі|Генеральным камісарыяце Беларусі]].

У БЦР увайшлі 14 чалавек [[Р. Астроўскі]] (прэзідэнт), [[М. Шкялёнак]] (1-ы віцэ-прэзідэнт), [[Ю. Сабалеўскі]] (2-і віцэ-прэзідэнт), [[Ф. Кушаль]] (вайсковыя справы), [[С. Кандыбовіч]] (фінансы), [[А. Калубовіч]] (справы культуры), П. Свірыд (юрыдычныя і рэлігійныя справы), С. Каляда (лясная гаспадарка), С. Стаськевіч (прафесійныя справы), А. Сакрат (школьныя справы), П. Орса (сельская гаспадарка), [[Н. Абрамава]], Н. Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных раздзелаў.

Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіарўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай, [[Беларуская краёвая абарона|Беларусай краёвай абаронай (БКА)]]. Аднак на месцах адпаведныя аддзелы і надалей заставаліся пад кантролем нямецкіх акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР (не былі створаныя ў Барысаўскай, Ганцавіцкай і Лідскай акругах).

У падпарадкаванне БЦР былі перададзены [[Беларуская народная самапомач]], [[Беларускае навуковае таварыства, 1942|Беларускае навуковае таварыства]], [[Саюз беларускай моладзі]]. Члены БЦР спрабавалі стварыць з беларускага насельніцтва вайсковыя фарміраванні.

Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на [[Другі Усебеларускі кангрэс|Другім Усебеларускім кангрэсе]] (27 чэрвеня [[1944]]). Але юрыдычна дзейнасць БЦР не была спынена. 4-ты пункт прынятай кангрэсам рэзалюцыі: "Адзіным праўным прадстаўніком Беларускага Народу і ягонага краю з'яўляецца сягоньня Беларуская Цэнтральная Рада з Прэзідэнтам Радаславам Астроўскім на чале."<ref>Другі Усебеларускі Кангрэс. Матэрыялы сабраныя і апрацаваныя на падставе пратакольных запісаў камісіяй Беларусай Цэнтральнай Рады пад рэакцыяй праф. Р.Астроўскага). Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, Мюнхен, 1954. – 96 с. С.67</ref>

== Эміграцыя ==
У сувязі з наступленнем савецкіх войск большасць членаў БЦР перабраліся ў Германію, дзе працягвала сваю дзейнасць. 28 чэрвеня 1944 г. прэзідэнт Р. Астроўскі атрымаў ад нямецкага кіраўніцтва Мінска загад на эвакуацыю ў Кёнігсберг. Пасля кароткага знаходжання ва Усходняй Прусіі супрацоўнікі БЦР, паводле загаду нямецкага кіраўніцтва, былі пераведзены ў Берлін. Яўхім Кіпель пазней згадваў: {{цытата|Улетку 1944 г. беларускае жыцьцё ў Бэрліне было досыць актыўнае: паступова зьяжджаліся ў Бэрлін уцекачы.ю дзеілі арганізацыі беларускія пры Міністэрстве Прапаганды й пры Міністэрстве Ўсходніх Справаў, быў беларускі аддзел пры Арбайтфронце, дзеіў Беларускі камітэт, выходзілі газэты «Раніца» й «Беларускі Работнік» і паступова афармлялася БЦР<ref>Кіпель Я. Эпізоды. — Нью-Ёрк: Выдавецтва газэты «Беларус», 1998. — С. 231.</ref>}}

20 ліпеня 1944 г. Міністэрства усходніх акупаваных тэрыторый выдала інструкцыю, у якой былі пералічаны «рэальныя задачы і паўнамоцтвы» БЦР.

# Барацьба з бальшавізмам шляхам:
* удзелу ў падрыхтоўцы да стварэння беларускіх ваенных фарміраванняў;
* удзелу ў стварэнні партызанскіх груп за лініяй фронта;
* актыўнае прапагандысцкая дзейнасць сярод беларускіх рабочых.
# Аб'яднанне ўсіх беларусаў у Саюзе вызвалення Беларусі.
# Культурная, сацыяльная і прававая апека над усімі беларусамі ў Германіі.
# Моладзевая праца (СБМ, ваенная дапаможная служба)
# Жаночая праца<ref>Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 192.</ref>.

[[24 верасня]] [[1945]] г. на паседжанні XI Пленуму, які прайшоў у вёсцы Эшэрсбекен (каля [[Вюрцбург]]а), усе наяўныя ў Германіі члены арганізацыі ([[Радаслаў Астроўскі]], [[Франц Кушаль]], [[Аўген Калубовіч]], [[Сымон Кандыбовіч]], [[Пётр Орса]], [[Станіслаў Іосіфавіч Станкевіч|Станіслаў Станкевіч]], [[Васіль Рагуля]], [[Анатоль Шкутка]] (быў уключаны ў склад Рады восенню 1944 г.), [[Мікалай Шчорс]], [[Аляксей Сянькевіч]]) вырашылі прыпыніць дзейнасць БЦР. Двое членаў Прэзідыума БЦР ([[Канстанцін Езавітаў]], [[Мікалай Шкялёнак]]) вясной 1945 г. трапілі ў рукі СССР, а [[Сцяпан Калядка]] добраахвотна выехаў у Савецкі Саюз. Абгрунтаванне такой пастановы было звязанае з тым «каб (...) ня даць бальшавіком магчымасьці выкарыстаць перад заходнімі саюзнікамі фармальна тактычнае супрацоўніцтва з немцамі ў мэтах канчальнага знішчэньня супрацьбальшавіцкага актыву»"<ref>Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). - Смаленск, 2009. - 428 с., [12] с. іл. - С.18</ref>. XI Пленум БЦР ччасова прыпыніў дзейнасць арганізацыі, але не распускаў яе (пытанне нават не ставілася на галасаванне).

У [[1947]] — [[1948]] гг. у дачыненні да членаў БЦР пачалася кампанія дыскрэдытацыі. БЦР і яе прэзідэнт абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з нацыстамі, прычым закіды рабілі экс-члены БЦР, якія самі прымалі ўдзел ў грамадска-палітычным і ваенным жыцці акупаванай Беларусі: [[Барыс Рагуля]] — намеснік прэзідэнта БЦР у Наваградскай акрузе, [[Аўген Калубовіч]], [[Антон Адамовіч]], [[Станіслаў Іосіфавіч Станкевіч|Станіслаў Станкевіч]], [[Франц Кушаль]], [[Янка Станкевіч]].

[[30 снежня]] [[1947]] г. [[Радаслаў Астроўскі]] звярнуўся да беларускай эміграцыі ў Германіі, заклікаючы «спыніць усе спрэчкі паміж беларускім актывам» і правесці выбары ў Беларускае цэнтральнае прадстаўніцтва — арганізацыю, якая павінна была аб'яднаць прыхільнікаў БЦР<ref>Астроўскі Р. Беларусы і Беларускі. — Эміграцыя, сьнежань 1947. — 2 с.</ref>. У студзень [[1948]] г. да Радаслава Астроўскага звярнулася група беларускіх дзеячаў ([[Васіль Рагуля]], [[Юры Сабалеўскі]], [[Мікола Шыла]] і інш.) з просьбай аднавіць дзейнасць БЦР. [[9 мая]] [[1948]] г. у Эльвангене быў скліканы XII Пленум БЦР<ref>У Пленуме ўдзельнічалі 48 чалавек: Радаслаў Астроўскі, Янка Бекіш, Аляксандр Буглай, Аляксандр Вабішчэвіч, Ксенафонт Вайцяхоўскі, Людвік Галубовіч, Аляксандр Гузоўскі, Сцяпан Дашкевіч, Раіса Евец, Міхаіл Ігнатовіч, Хведар Ільяшэвіч, Ілля Калько, Іван Касяк, Яўхім Кіпель, Барыс Крыстовіч, Янка Кудрук, Антон Курыловіч, Уладзімір Лазарэвіч, Мікалай Лапіцкі, Нік Лапушынскі, Іван Любачка, Віктар Мелюк, Мікалай Мінкевіч, Часлаў Найдзюк, Алесь Падун, Анатоль Плескачэўскі, Юры Прускі, Васіль Рагуля, Усевалад Родзевіч, Сяргей Розмысл, Аляксандр Русак, Юры Сабалеўскі, Ціхан Селівончык, Уладзімір Сеенька, Юры Стукаліч, Масей Сяднёў, Павел Свірыд, Аляксей Сянькевіч, Анатоль Ушал, Віктар Чабатарэвіч, Андрэй Чарэўка, Іван Шакун, Сымон Шаўцоў, Анатоль Шкутка, Марк Шпакоўскі, Мікалай Шчорс, Хведар Шыбут, Эмануіл Ясюк</ref>, на якім Беларуская цэнтральная рада была абвешчана «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». На Пленуме Радаслава Астроўскага пераабралі Прэзідэнтам на чарговы 4-гадовы тэрмін. Першым віцэ-прэзідэнтам БЦР стаў — [[Васіль Рагуля]], другім — [[Мікалай Шчорс]]. Старшынёй Рады міністраў быў абраны [[Юры Сабалеўскі]], сакратаром БЦР — [[Іван Касяк]]<ref>На пасаду першага віцэ-прэзідэнта былі вылучаны 3 кандыдатуры: Васіль Рагуля (19 галасоў), Юры Сабалеўскі (14) і Анатоль Шкутка (7). Мікалай Шчорс набраў 29 галасоў, Анатоль Шкутка - 17 (тут галасаванне ішло за пасаду другога віцэ-прэзідэнта)</ref>.

Паслядоўнікі БЦР пасля вайны дзейнічалі ў [[ЗША]], [[Вялікабрытанія|Вялікабрытаніі]] і інш.

[[22 кастрычніка]] [[1960]] г. Радаслаў Астроўскі на пленуме ў Саўт-Рыверы быў абраны на пасаду прэзідэнта БЦР на чарговую пяцігадовую кадэнцыю, аднак дзеяч склаў з сябе паўнамоцтвы, заявіўшы на [[Трэці Кангрэс беларусаў Амерыкі|III Кангрэсе беларусаў Амерыкі]] [[23 кастрычніка]] [[1960]] г., што старэйшае пакаленне мусіць пакінуць актыўнае грамадскае жыццё, «каб даць дарогу маладым»<ref>Пратакол III Кангрэсу Бел. Амэрыкі, каторы адбыўся дня 23 кастрычніка 1960 г.  у Саўт-Рывэры ў залі Шакаў, 25 Уайтхэд Авэ а 13:00 пасьля паўдня. Архіў Івана Касяка</ref>.

У [[1962]] г. [[Радаслаў Астроўскі]] склаў з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта, матываваўшы гэта ўзростам (яму тады споўнілася 75 гадоў) і перадаў іх кіраўніку Выканаўчага органа БЦР [[Аркадзь Арэхва|Аркадзю Арэхва]], які, аднак, неўзабаве моцна захварэў і ня здолеў прыступіць да выканання абавязкаў прэзідэнта. Да 1974 г., пакуль Астроўскі не вярнуўся да актыўнай грамадскай дзейнасці, БЦР не вяла ніякай працы. Прынамсі, не склікалася пленумаў, не праводзілася паседжанняў, не вялося справаводства.

[[3 ліпеня|3]] — [[4 ліпеня]] [[1977]] г. прайшоў XVIII-ы Пленум БЦР у рэсорце (доме адпачынку) «Белэйр-Менск» (Глен-Спэй, [[штат Нью-Ёрк]]). У ім удзельнічалі 43 грамадскіх дзеяча з [[ЗША]], якія мелі мандаты-упаўнаважанні ад 16 дэлегатаў: з Аўстраліі (5), Канады (5), Вялікабрытаніі (3), Германіі (3) <ref>Пратакол 18-га Пленуму БЦР, які адбыўся 3 і 4 ліпеня 1977 г. у рэсорце «Белэр-Менск», Злучаныя Штаты Амэрыкі</ref>. Удзельнікі Пленуму рэпрезентавалі Выканаўчы орган БЦР, дэлегатуры ў Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Канадзе, а таксама [[Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі]], аддзелы [[Беларускі вызвольны фронт|Беларускага вызвольнага фронту]] (краёвыя штабы) у Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Кліўлендзе, Вініпэге і Таронта, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў (галоўны штаб і аддзел у Саўт-Рыверы), беларускія праваслаўныя парафіі ў Саўт-Рыверы, Рычманд-Гіле (Нью-Ёрк), Таронта і Лондане (Вялікабрытанія), Беларуска-амерыканскі грамадска-рэлігійны цэнтр у Саўт-Рыверы і грамадска-рэлігійны цэнтр у Глен-Спей, арганізацыя «Амерыканскія прыхільнікі БЦР». Сваё ўпаўнаважанне на Пленум даслалі Ян і Аліцыя Пятроўскія — як прадстаўнікі сямейнага Беларускага харатыўнага фонду.

Пасля [[1995]] г. БЦР не была дзейнай арганізацыяй, хоць афіцыйнага рашэння пра яе самароспуск не было. Паводле тэстаменту [[Міхась Зуй|Міхася Зуя]], пасля яго смерці (красавік [[1995]] г.) усе справы БЦР, абавязкі і паўнамоцтвы прэзідэнта былі перададзеныя [[Віталь Цярпіцкі|В.Цярпіцкаму]] да часу склікання XX Пленуму БЦР. Але В.Цярпіцкі прыняў рашэнне прыпыніць дзейнасць БЦР, якая не мае людскіх рэсурсаў<ref>Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). - Смаленск, 2009. - 428 с., [12] с. іл. - С.239 - 240</ref>. Віталь Цярпіцкі згадваў: 

{{Цытата|Афіцыйна [з 1995 г.] ніякіх пасадаў у БЦР я не займаў. Адразу сказаў, што не зьбіраюся гуляць у салдацікі, як БНРаўцы. З адыходам Астроўскага эпоха БЦР скончылася. Я і Міхасю Зую радзіў паставіць кропку}}<ref>Цярпіцкі, В. Я - астрўшчык / Віталь Цярпіцкі // Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў: Зборнік ўспамінаў / Аляксандар Адзінец; Рэдактар А.Гардзіенка. - Мн.: Медысонт, 2007. - 704 с., 28 с. іл. - (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кніга 11). - С. 414 - 421.</ref>

== Прэзідэнты БЦР ==
* [[Радаслаў Астроўскі]] (1943 - 24 верасня 1945)
* Радаслаў Астроўскі (25 сакавіка 1948 - 17 кастрчніка 1976)
* [[Нікандар Мядзейка]] (4 ліпеня 1977 - 6 снежня 1987)
* [[Міхась Зуй]] (17 верасня 1988 - 24 красавіка 1995)
* [[Віталь Цярпіцкі]] (1995 - )

{{зноскі}}

== Літаратура ==
* Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. - Смаленск, 2009. - 428 с., [12] с. іл. - (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16).
* Салаўёў А. Беларуская цэнтральная рада. Мн., 1995.
* Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. - Мн., 1993.

[[Катэгорыя:Нямецкая акупацыя Беларусі 1941-1944]]
[[Катэгорыя:Беларуская эміграцыя]]

[[be-x-old:Беларуская цэнтральная рада]]
[[cs:Běloruská centrální rada]]
[[en:Belarusian Central Rada]]
[[it:Consiglio Centrale Bielorusso]]
[[pl:Białoruska Centralna Rada]]
[[ru:Белорусская центральная рада]]