Revision 10204 of "Адвечная песьня/I. Хрэсьбіны" on bewikisource<poem> I. ХРЭСЬБІНЫ Вясковая ўбогая хата. Ноч. Усе спяць. У асінавых начоўках, аберчанае зрэбнымі пялёнкамі, ляжыць дзіцянё. Над ім з'яўляюцца цені і пяюць. Жыццё Ўсясільнай рукою тварэння Даю яму права існення, На ўласнасць ваду і зямлю, Душу яму такжа даю. Пад уладай сваёй будзе меці Як ёсць усё чыста на свеце; Ён будзе ўсіх чыста дужэй, Ён будзе ўсіх чыста мудрэй. I рэкі, і долы, і горы Яго будуць слухаць з пакорай; Там высуша, там правядзе, Там зрые, а там узнясе. Лясы ён аберне на поле, Ўсялякія ўстроіць будоўлі: Святыні пад неба зірнуць, Цямніцы пабелай бліснуць. Так будзе ён царам прыроды, Сам найдасканальшага роду, I будзе цар гэты навек Названне насіць — чалавек. Доля Яму буду я напяваці Аб радасці, славе, багацці, Дзе шчасця палае прасвет, Як самага сонейка цвет. Ён, чуючы гэтыя песні, Не раз загалосіць балесне I страшнай азвецца кляцьбой, Бяссільны жыць вечна са мной. I стане ганяцца за мною Ён думкамі, сэрцам, душою, — Я, песню прапеўшы, ўцяку Ці ў поле, ці ў лес, ці ў раку. I будзе так жыць і маліцца, Сваёю няўдачай хваліцца Стварэнне жыцця — чалавек, Аж ляжа ў зямельку навек. Бяда Во! тутка маё панаванне! Са мной ён і ляжа, і ўстане. Вясна, лета, восень, зіма - Я з ім, як царыца сама. Напрасна мяне будзе гнаці: 3 ім буду за хатай, у хаце, I так ён зжывецца са мной, Што стану яго я душой. На плечы ўзвалю горб вялікі, Абую ў лазовыя лыкі, Як ночай, хай блудзе па дню, - Прасветласць я выдзеру ўсю. Голад i холад (разам) Мы будзем хадзіць за ім парай, Наводзіць балесці і хмары, Душой і хацінай трасці, Адвечныя казкі плясці. Хай чуе і сілен, і молад, Як страшан і голад, і холад, I рыне ў магільны пясок Праз сцюжу, праз хлеба кусок. Хор Гэй, спраўма над ім тут хрысціны Слязы і крыві церушынай! Хай будзе ні мал, ні вялік, Няхай носіць імя: Мужык. Дзіцянё заплакала; цені разбягаюцца і нікнуць. </poem> [[Катэгорыя:Адвечная песьня ў ХІІ-ці праявах]] All content in the above text box is licensed under the Creative Commons Attribution-ShareAlike license Version 4 and was originally sourced from https://be.wikisource.org/w/index.php?oldid=10204.
![]() ![]() This site is not affiliated with or endorsed in any way by the Wikimedia Foundation or any of its affiliates. In fact, we fucking despise them.
|