Revision 10208 of "Адвечная песьня/III. Вяселле" on bewikisource<poem> III. ВЯСЕЛЛЕ Хата ў маладога. Шмат народу. Стол повен гарэлкі і ўсялякай яды. За сталом сядзяць на лавах: сват, свацця, маладыя, закоснік, маршалак, дружкі і прыданыя; усе вясёлыя. Музыка, гульня. Сват Вось дзе, братцы, разгуляцца! Вось пацешыцца калі! Хоць бярыся распраніся Ды упрысядкі валі! Звоняць чаркі, трашчаць скваркі, Лопат, гоман, смех і крык. Во! сяло дзе ходам ходзіць, Гора дзе забыў мужык! Гасцей поўна, усё роўна, Як дзе сходка ці кірмаш. Ёсць Марыся, Дамініся, Юрка, Саўка і Тамаш. Як належа, ў скрыпку рэжа Наш музыка, наш Аўлас; За ім следам, як за дзедам, Б'е у бубен Апанас. Трылля! трылля! вось кадрыля, Вось лявоніха ідзе, Валяць проста, як бы з моста, Як ніколі, як нідзе!.. Свацця Вось забава! вось так слава Маладому, маладой! Усё ладам і з парадам I пастаўлена парой. Кругом шчыра, сала, сыраў — Хоць ты сліну палыкай, Тоўста, густа хлеба лустаў — А пірог! а каравай! Дзеўкі з твары, як бы ў жары, Як бы сонца каснікі, Ну, а мальцы — ліжы пальцы! Вось яны! вось дзецюкі! Ненарокам, бокам-скокам, Не гулялі так даўно. Гоп-ля! сваце, паскакаці! Ну вяселле! ну яно! Малады Хто вясёлы, хоць і ў горы, Таму слава, таму чэсць. Чым багата, рада хата, Не жалейце піць і есць! (Да маладой.) Ты, сястрыца, дось смуціцца, Уздыханне ў кут пашлі, Еш, лябёдка, запі водкай, Душу песняй весялі! Кончым зараз гэты галас, Гульня пойдзе за нішто; Зажывём мы па-сваёму, Як ніколі, як ніхто. Маладая Гуляй, мілы, колькі сілы! Не ўважай нуды маей: Я паплачу, знамо, бачу Чужу хату і людзей. Чужа хатка, бацька, матка, Сама тутка першы раз; Ныюць грудзі, што то будзе? Што чакае ў жыцці нас? Хор Рэдкі смехі і пацехі, Часты слёзы i бяда! Ё часіна, ё скрыпіна — Весяліся, грамада! Сват вылазіць з-за стала і сыпле лявоніху са сваццяй; за ім малады з маладой і ўся дружына. </poem> [[Катэгорыя:Адвечная песьня ў ХІІ-ці праявах]] All content in the above text box is licensed under the Creative Commons Attribution-ShareAlike license Version 4 and was originally sourced from https://be.wikisource.org/w/index.php?oldid=10208.
![]() ![]() This site is not affiliated with or endorsed in any way by the Wikimedia Foundation or any of its affiliates. In fact, we fucking despise them.
|