Revision 10212 of "Адвечная песьня/IX. Свята" on bewikisource<poem> IX. СВЯТА Хата, што і вясной. На стале ляжыць стус грачаных бліноў. На палку ляжаць двое хворых дзяцей; другія босыя і ў адных кашулёнках поўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкча бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармоча. Мужык Ну, ламака, ну, хамула! Ці ж стагнаць не годзе? Што мінула, то мінула, Болей не прыходзіць. Пёкся, пёкся вясну, лета, Аж толькі дзяржыся, А цяпер спачынь за гэта Ды павесяліся. Трохі жонка хваравіта, Трохі хворы дзеці, Выпі чарку! ну і квіта! На што там глядзеці? Юрку варта бы да школы, 3 гора, пасылаці! Не шлі: будзе, як ты, голы, Хай сядзіць у хаце... Насці трэба чаравікі, Кажушок Сымонку, Ну, на гэта час вялікі... Пара ж і ў карчомку! Жонка Што ты там бурчыш пад носам? Скрабеш каля вуха? I ўдаеш паглядам косым Вялікага зуха? "Пагуляці... да карчомкі..." Вось дык малайчына! А дзе лапці ў тваёй жонкі? Дзе дровы, лучына? Трэба новае карыта, Каптан Зосі трэба. Просіць фельчара Мікіта - Ўжо не есць і хлеба. Не табе спачыць, хамуле, Не табе спяваці, Не да смеху, не да гуляў, Калі бяда ў хаце. Стараста (уваходзіць, трохі падпіўшы, з нейкай смешнай важнасцю і строгасцю) Вось і трапіў к вам нарэшце... Ну рыхтуйся, братка! Кішанёй мусіш патрэсці: Трэба нам падаткаў. Трэба чыншу, трэба "пені" - Быў прыказ з павету, Каб за тыдзень непраменне Ўнесці дробязь гэту. Дык спраўляйся ж і то лоўка! Бо не жыць і ў хатцы I з апраткай, і з кароўкай Прыйдзецца расстацца. Магазыннік (уваходзіць таксама п'янаваты) Пахвалёны вам, суседзе! Як дуж, як здароўе? Ўжо і зімка да нас едзе — За даўгом прыйшоў я. Аўса бочку, чвэрць ячменю, Са дзве чвэрці жыта Аддаць мусіш непраменне - Тады будзе квіта. Мужык Ну і што? і больш нічога?.. I дакуль так будзе? Ані сэрца, ані Бога... Ну жыццё, ну людзі! Хватае за шапку і ўцякае са сваёй хаты. Жонка ўцірае хусткай слёзы. Стараста і магазыннік высоўваюцца на двор. </poem> [[Катэгорыя:Адвечная песьня ў ХІІ-ці праявах]] All content in the above text box is licensed under the Creative Commons Attribution-ShareAlike license Version 4 and was originally sourced from https://be.wikisource.org/w/index.php?oldid=10212.
![]() ![]() This site is not affiliated with or endorsed in any way by the Wikimedia Foundation or any of its affiliates. In fact, we fucking despise them.
|