Revision 10216 of "Адвечная песьня/VI. Лета" on bewikisource<poem> VI. ЛЕТА Поле. У далі кругом чарнеюцца лясы. На ўзмежку пад дзікай грушай сядзіць, задумаўшыся, Мужык, напроці яго вёска, далей гасцінец і двор, акружаны прысадамі і садамі. Налева залітая паводкай сенажаць, направа абсеяныя шнуры; ярыну ўсю пакрывае свірэпка, жыта напал з гірсой і званцом пагерсана градам. 3 усходу на небе падымаецца хмара — чуваць гром. К Мужыку падыходзіць Лета, трымаючы ў адной руцэ серп, а ў другой касу. Лета Што задумаўся так, Мужычок? Варта глянуць крыху весялей! На! касу, малаток і брусок, I сярпок на! для жонкі тваей! Званцом шастае ўжо сенажаць, Цецярэе жытцо і ячмень; Час на гвалт і касіці, і жаць: Не на тое настаў Пятроў дзень. Час такі: ад зары да зары... Калі ўздумаеш сілы жалець, Дачакаешся гэткай пары, Што прыпомніць табе гэта клець, Што прыпомняць і дзеткі твае, I скацінка прыпомніць твая, А Зіма ж запяе, запяе, Хоць памры — ні жыцця, ні пуцця! Бяры ж, на! што табе я даю; Спадкі мне адказала Вясна. Ідзі працу збіраці сваю, Сваё дзела даводзь да канца! Мужык (водзячы блуднымі вачыма) Што? куды ты мне кажаш ісці, Лета яснае, жаць і касіць? Лёгка песні такія вясці, Але спробуй на дзеле пажыць. Свой лажок я падчысціў вясной; Сеяў шнур — у доўг даў магазын, — Цяпер, глянь! луг занесен вадой, Колас, глянь! ці ёсць цэлы адзін. Еў, не еў, ці адзет, не адзет, Да ўсяго я ахвотны ў людзей; 3 маёй сілаю лічыцца свет, Чым жа, чым я на ніве сваей? Не ўзнімаецца к працы рука: Апрацівела гора, жыццё. Эх ты, доля-бяда мужыка, Ой ты, Лета, ой, Лета маё! Лета I не стыдна ж табе век-вяком, Хоць і дуж, як той дуб векавы, Вясці гутарку ўсё са плачом, Ніжэй гнуцца павялай травы! Нараканнем не зможаш бяды, Хоць дзень, ноч наракай, небарак: Шчасце ходзіць гады у рады, Абмінаючы вёску ўсяляк. Вось, як ведаеш, я ў цябе госць, Не драмлі ж, як пад лавай тапор, Заработкі ў дварэ, чула, ёсць, Шнур збірай свой ды жыва у двор! Мужык Двор я знаю даўно, ой, даўно! 3 году ў год я там сілу ўсю ўпёк; Калі ж гляну, выходзіць адно: Пуста хата, свіронак і ток. Вынімала мне паншчына дух, Зжыў яе — думаў, воля дасць хлеб, I ці звёў, ці не звёў той ланцуг, Як за паншчынай, бедзен і слеп. Лета I паехаў жа, братка ты мой... Невялікі, знаць, толк выйдзе ў нас: На! касу, серп — ваюй хоць з бядой! Іду Восені выслаць наказ. Кідае касу і серп Мужыку пад ногі і адыходзіць. Мужык вострыць касу, прабуе на ўзмежку і, мінаючы вёску, ідзе ў двор. Бура пачынаецца на добрае; бліскае маланка; штораз мацней грыміць гром. Б'е пярун. Пасыпаўся дождж з градам. </poem> [[Катэгорыя:Адвечная песьня ў ХІІ-ці праявах]] All content in the above text box is licensed under the Creative Commons Attribution-ShareAlike license Version 4 and was originally sourced from https://be.wikisource.org/w/index.php?oldid=10216.
![]() ![]() This site is not affiliated with or endorsed in any way by the Wikimedia Foundation or any of its affiliates. In fact, we fucking despise them.
|