Revision 10224 of "Адвечная песьня/XI. Хаўтуры" on bewikisource<poem> XI. ХАЎТУРЫ Хата. Насупроць дзвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі з яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць і прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць з печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер. Жонка А мой ты сакалочак! А мой ты каралёчак! Ляжыш, не ўстанеш болей... 0 доля ж мая, доля! Без часу смерць-магіла Жыццё тваё скасіла; Ў няшчасную гадзіну Сіротачак пакінуў. Сіроткі ўсе малыя, I есць не маюць тыя, I дроў няма палена, I ў пуні няма сена. Як жыў, як ты свет бачыў, Усё ж было іначай, Ці ў полі ты... ці ў людзі... Што з намі цяпер будзе? Нашто на свет раджацца, Хто мае з ім расстацца, I горкі жаль кідаці Ўдаве, бацькам, дзіцяці... Бацька (уціраючы няўзнак слёзы) Дзяржыць бяда старога, Хаваюць маладога; Забрала дамавіна Не бацьку, але сына. Не месца мне у хаце: Не дуж я працаваці; Пры кім дажыць тут веку Няшчаснаму калеку? Вазьму я хіба ўнука, Ці ў свет ісці навука? — Пайдзём ад хат да хаты I к бедным і к багатым. Збірай, стары, хатомкі, I зрыўкі, і атопкі: I жыва з хаты роднай На сівер на нязводны! (Выцягвае з-за печы лахманы і атопкі.) Сталяр (кончыўшы века да труны) Як згаварыці слова, I века ўжо гатова, Закрыць дамоўку можна, Падходзь прашчацца кожны. Падходзь, чужы і хатні, Заглянуць раз астатні Вось на таго, што дзетак Без часу кінуў гэтак. Не кепскім быў суседам: Шоў прадзедаўскім следам, Не крыўдзячы нікога; Цярпеў сам крыўдаў многа. Меншы сын (цалуючы нябожчыка ў руку — да маткі) Чаму, скажы, матуля, Прыбраны так татуля Ляжыць у гэтай скрыні Такі халодны, сіні? Большы сынок Не лезь ты без патрэбы: Душа ўжо таткі ў небе. Не ўстане і на лета; Памёр ён, значыць, гэта. Дзеці адступаюцца; падыходзяць прашчацца другія. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябожчыка на плечы і выносяць з хаты. Хор Рай светлы, бесканечны На судзе астатэчным Дай, Божа, ўсім загнаным На векі векаў. Аман! Жонка і дзеці галосяць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і ідзе ў свет. Хата застаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі. </poem> [[Катэгорыя:Адвечная песьня ў ХІІ-ці праявах]] All content in the above text box is licensed under the Creative Commons Attribution-ShareAlike license Version 4 and was originally sourced from https://be.wikisource.org/w/index.php?oldid=10224.
![]() ![]() This site is not affiliated with or endorsed in any way by the Wikimedia Foundation or any of its affiliates. In fact, we fucking despise them.
|