Revision 20785 of "Сярод разьюшаных сатрапаў…" on bewikisource

{{Загаловак
 | назва     = Сярод разьюшаных сатрапаў…
 | аўтар     = Янка Купала
 | сэкцыя    = Верш
 | папярэдні = 
 | наступны  = 
 | крыніца   = http://rv-blr.com/vershu/view/29763
 | год       = 1914
}}

<poem>
Сярод разьюшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус.

Дыхнуць свабоднымі грудзямі
Й зірнуць арліна не дадуць, —
На ўзьлёты дум кладуць аковы,
Як на рабоў сьляпых кладуць.

Здушылі, збэсьцілі ўсё чыста
У чорнай яве, ў зводных снах,
Што ад прыроды шлях свой мела,
Што к сонцу мела вольны шлях.

На зьдзек прадажныя прарокі
І на гніцьцё у царсьцьве цьмы
Вядуць аплучаныя тоўпы
Пад стогны вечныя турмы.

Над пакаленьнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой
Груган з начніцаю сьляпою
Банкет спраўляюць чорны свой.

Таўкуцца душы скамянелы,
Крывавы пот цячэ са шчок,
А ўсьлед над імі і за імі
Імчацца гібелі наўскок.

Нідзе ні ладу, ані праўды,
Званы хаўтурныя зьвіняць…
О Божа! Ты хоць заступіся
Й ня дай дарэшты нам сканаць!

(''1914'')
</poem>

[[Катэгорыя:Спадчына]]