Revision 24561 of "Песьня (Купала - Каб была я перапёлкай...)" on bewikisource

{{Загаловак
 | назва     = Песьня<br><small>(З народнай)</small>
 | аўтар     = Янка Купала
 | сэкцыя    = Верш
 | папярэдні = 
 | наступны  = 
 | крыніца   = http://rv-blr.com/literature/2673#29453
 | год       = 1913
}}

<poem>
Каб была я перапёлкай,
        Каб я волю мела, —
Дзе б хацела, паляцела,
        Дома б не сядзела.

Ці па ягады ў бор шчыры,
        Туды, за сялібкі,
Ці ў лес цёмны па арэхі,
        Дзе ляшчэўнік гібкі.

Ці ў зялёны луг, дзе рэчка
        Ўецца і лялее,
Па каліну па чырвону,
        Што ў тым лузе сьпее.

Ой, ня быць мне перапёлкай,
        Крылейкаў ня меці,
Ні ў бор шчыры, ні ў лес цёмны
        Мне не даляцеці!

Найгарчэйшыя у лузе
        Ягады каліны,
Найцяжэйшая на службе
        Доля у дзяўчыны.

Як я выйду, маладзенька,
        За вароты ў поле,
Паліюцца самі сьлёзы
        Зь цяжанькай нядолі.

Ой, крывава паліюцца
        Мае горкі сьлёзы,
Бы расіца ў летню ночку
        Зь беленькай бярозы.

Плачуць вочы век да веку
        Дома і на полі —
Не па добрым чалавеку,
        А па добрай волі.

(''1913'')   
</poem>

[[Катэгорыя:Спадчына]]