Revision 27070 of "Старонка:BNT.Lehiendy i padanni.djvu/39" on bewikisource

<noinclude><pagequality level="3" user="Renessaince" /></noinclude>{{№|38}}Азірнуўся бог да й пытае, што ён есць. Чорт, каб адперціся, хутчэй праглынуў тую зямлю. Толькі ён тое зрабіў, як у ём зямля пачала расці. Бачыць чорт, што зямля распёрла яго, от ён давай рыгаць. От дзе толькі чорт рыгнуў, там і зрабілася балота да такая нетра, што там і да тых час толькі й жывуць чэрці.

'''5. ЧОРТАВА БАЛОТА'''

Бачыце, якая тут нетра, якая тхлань: цэлы тыдзень ідзі, то да краю не дацягнешся. Даўней тут была чыстая вада, усё лялела да блішчэла на сонейку бы шкло. Бог ездзіў па вадзе ў чоўне да аглядаў, дзе зрабіць зямлю. Раз плыве бог у чоўне да мяркуе, як і дзе што ўродзіць: а тым часам чорт закмеў бога да й паплыў за ім назіркам: падплыве к чоўну да ад страху нырне ў ваду, бы нарэц, і зноў плыве. Вельмі яму хочацца пранюхаць, што бог мае рабіць. Бачыць бог, што чорт прэцца следам, як тая мара́, бачыць да ўсё маўчыць. Пасеяў бог зямлю, — сыпануў жменю зямлі, а тут разам расступілася вада, і высунулася сухая зямля, з лесам, з полем да з сенажацямі. Глядзіць чорт да толькі дзівіцца, адкуль тое ўсё бярэцца. Плыве бог да жменю з чоўна, бы з сяўка, раскідае насенне. Прыгледзеўся к таму чорт і думае сабе: «Каб мне дастаць гэтага насення, — нарабіў бы я мудрэй бога, нарабіў бы так, што сам Нічыпар пазавідаваў бы». Пабачыў бог думкі чорта да й пазволіў яму ўзяць таго насення. Павярнуў бог човен да акурат на чорта і наткнуўся. Скорчыўся чорт, хацеў шмыгнуць у ваду, зачапіўся хвастом за пастырчак да й круціцца на віру, бы ўюн.

Тым часам бог адвярнуўся ў другі бок, а човен плыве каля самага чорта. Скорчыўся чорт, што божы човен апёк яму бок, але тым часам ухапіў з чоўна жменю насення, а калі бог не ўбачыў таго да не адабраў, хуценька кіуў насенне ў горла да й глынуў. Не прыкмеціў нібыта бог і паплыў далей. Рад чорт і ад радасці сунуў у бок, далей ад бога. Але вось бачыць чорт, што яго чэрава расце, бы на дражджах, расце, аж бакі распірае. Расце чэрава ўсё больш і больш, расце так, што чорту нельга й дыхаць. Давай гэта ён бляваць да выплёўваць тое насенне. Куды плюне чорт, дык там і вырасце корч або куст лазы. Прэцца чорт па вадзе да так блюе, што аж з яго вантробы выпірае. А тым часам усё больш і больш па вадзе заплёўваецца чортава лаза. Моташна чорту, хочацца яму ўсё насенне з жывата выкінуць, от ён снуе па вадзе, бы павук, да ўсё блюе. Па немалым часе ўся вада закрылася лазою да ракітаю. Зачапіўся чорт за лазу да як рыгне, дык ўсё насенне і выскачыла з жывата ў ваду; і пачала з яго расці ўсялякая непатрэбная трава. Запаганіў чорт чыстую ваду і абярнуў яе ў паганае чортава балота.<noinclude><references/></noinclude>