Revision 9311 of "Старонка:Выбраныя творы праблемы культуры, літаратуры і мастацтва.pdf/17" on bewikisource

<noinclude><pagequality level="2" user="Хомелка" /><div class="pagetext">


</noinclude>Багдановіч - сьведамы паэт: ён ня толькі пачувае красу, - ён яе разумее. І - каб пераказаць нам яе - падбірае такія словы і абразы, што папраўдзе выклікаюць у нашай душы шчыры отклік. Усё ў яго выходзіць ў такіх мяккіх тонах, быццам на старых тканінах-габэленах, усё сагрэта шчырым пачуцьцём ды ўсё гэта жыве, выдаецца рэальным.

Лясун калышацца на тонкаствольных соснах, і здаецца, быццам чутно яго граньне... У срэбных праменьнях месяца купаюцца русалкі і расплятаюць свае косы, - на дне ракі - у ціне, у вечнай цішы - сьпіць сівавусы, згорблены вадзянік адвечным сном: аб ім ужо ніхто ня помніць... Чуецца шэлест вужоў, што на Ўзьвіжаньне - у цёмну васенную ночку - з царом зьмяіным паперадзе паўзуць празь лясы і палі "на зімовы цёплы вырай"... З далёкай мінуўшчыны паўстаюць жывыя абразы "Летапісца" і "Перапішчыка"; вясковыя дзяўчаты у панскі двор узятыя "ткаць залатыя паясы", кідаюць праз шыбы сумны, тужлівы пагляд за вакно - туды, "дзе расьцьвіла вясна, дзе блішча збожжа ў яснай далі, сінеюць міла васількі", - і "тчэ, забыўшыся, рука заміж пэрсідзкага узора цьвяток радзімы васілька"...

Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па-свойму. І лёгка ліюцца яго вершы кунштоўнай, філіграннай работы, а кожын формай падходзіць да думкі. Думак тых - багата, і вось бачым у "Вянку" вершы такой формы, такой будовы - частка вельмі рэдкай, якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя народы з найвышэй разьвітай літаратурнай мовай, здаецца, калі б наш "пясьняр красы" меў толькі адну мэту: паказаць, што беларуская мова можа разьвівацца, як мова літаратурная - дык ён гэтай мэты дайшоў.<noinclude><references/></div></noinclude>