Revision 9439 of "Старонка:Багдановіч Вянок 1913.pdf/2" on bewikisource

<noinclude><pagequality level="1" user="" /><div class="pagetext">


</noinclude>Максім Багдановіч... Гонар нашай літаратуры і яе ж боль. Ён так многа зрабіў... І яшчэ больш не паспеў зрабіць. Няўмольная хвароба заўчасна зламала яго. У поўным росквіце таленту паэт памёр у дваццаць шэсць гадоў. Каля яго ложка знайшлі лісток паперы з радкамі:

<poem>У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.</poem>

Гэтай кнігай быў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок", які адразу стаў нашай класікай. Зборнік "Вянок" выйшаў у 1913 годзе ў Вільні маленькім тыражом і даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю.

Гэтае факсімільнае перавыданне "Вянка" дасць магчымасць сучаснаму чытачу быццам зноў атрымаць "з друкарні Марціна Кухты" тую самую сціплую і такую цудоўную кнігу нашага Максіма Кніжніка.<noinclude><references/></div></noinclude>