Revision 9473 of "Старонка:Выбраныя творы праблемы культуры, літаратуры і мастацтва.pdf/19" on bewikisource

<noinclude><pagequality level="2" user="Хомелка" /><div class="pagetext">


</noinclude>Беларусы поруч з прадстаўнікамі ўсіх тутэйшых нацый працуюць у камітэтах і таварыствах дзеля апекі над сем'ямі запасных, дзеля помачы паўцякаўшым з родных месц, зруйнаваных у часе бітв. Беларускае грамадзянства шчыра адклікаецца на ўсе патрэбы народу і краю, сяляне дзеляцца сваім дабром і памагаюць працай сваей у гаспадарках, дзе не асталося і рабочых рук, на'т слалі грошы братам - польскім сялянам.

У агульнакраёвай працы мы спатыкаемся зь людзьмі іншых нацый, з каторымі жывем ад вякоў, але былі мала знаёмы. Цяпер адны адных пачынаюць лепей пазнаваць, пачынаюць адны адных цаніць і лічыцца з чужымі думкамі і жаданьнямі. Гэта відаць хаця бы з таго, што ва ўсіх грамадзкіх справах усялякія абвесткі, афішкі ды іншыя выданьня друкуюцца ў нас у пяці краёвых мовах, - у тым ліку па-беларуску.

Цяжкі, сумны час перажывае наш народ і ўвесь край. Але поруч з гэтым выяўляецца моц нашага народу, каторы не апускае ўжо рук ад першай бяды, выяўляецца і тое, што ўсе нацыі краю могуць, калі захочуць, працаваць у згодзе і еднасьці - дзеля карысьці супольнай бацькоўшчыны нашай, нашага краю.<noinclude><references/></div></noinclude>